четверг, 11 мая 2017 г.

70 год Раісе Баравіковай


          Сёння спаўняецца 70 год з дня нараджэння Раісы Баравіковай – беларускай пісьменніцы, паэтэсы, перакладчыка і драматурга.   Нарадзілася яна  ў сям'і служачага. Працавала літсупрацоўнікам у Быхаўскай раённай газеце «Маяк Прыдняпроўя». Скончыла аддзяленне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Працавала рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм» (1971—1972). У 1972—77 — карэспандэнт газеты «Літаратура і мастацтва», у 1983—88 — літкансультант рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». У 1996—2000 гадах намеснік, у 2000—2002 гадах галоўны рэдактар часопіса «Алеся». Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» (2002—2011). Супрацоўніца газеты «Літаратура і мастацтва» (2011—2012).
Дэбютавала ў друку ў 1960 годзе. У зборніках паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987), «Пад небам першага спаткання» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992) дамінуе тэма кахання, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра час, абавязак перад сваім народам, долю жанчыны, пошук чалавечага шчасця. Эпізоды беларускай гісторыі адлюстраваны ў вострасюжэтнай драматычнай паэме «Барбара Радзівіл» (1992).
Самая істотная рыса паэтычнай творчасці — гранічная адкрытасць душы, прачулая музыка слова. Вершы і паэмы надзвычай эмацыянальныя, напоўненыя экспрэсіяй, вызначаюцца вытанчанасцю лірычных пачуццяў. Падсумаваннем яе творчай працы можна лічыць кнігі выбранай паэзіі «Сад на капялюшыку каханай» (1998), «Дрэва для райскай птушкі» (2007).
Аўтар аповесці «Кватарантка» (1980) пра моладзь, пошукі свайго месца ў жыцці. Выдала кніжку казак і апавяданняў для дзяцей «Галенчыны „Я“, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў» (1990), зборнік апавяданняў «Вячэра манекенаў» (2002). Аўтар п'ес «Барбара Радзівіл» (паст. 1994), «Пятля часу» (1996). Перакладае з рускай, украінскай і польскай моў.
У нашай бібліятэцы можна знайсці наступныя кнігі Раісы Баравіковай  для дзяцей:
Казкі астранаўта
             Прыгодніцкія казкі Раісы Баравіковай даўно палюбіліся юным чытачам. І вось – кніга казак, напісаных ад імя астранаўта-беларуса. Дзівосны, заманлівы і таемны свет далёкіх планет адкрыецца чытачу і, безумоўна, захопіць не толькі неверагоднымі прыгодамі герояў кнігі, але і цікавымі звесткамі пра асобныя зоркі і нават цэлыя сузор’і. Пісьменніца ўдала спалучае поўны нечаканасцей свет чужых планет з блізкім і родным светам нашай планеты, дзе, зразумела, самыя прыгожыя і добрыя пачуцці звернуты да Беларусі.
Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў
          Мамурык — з далёкай планеты Мамурыі, каго адна знаёмая дзяўчынка пісьменніцы назвала міжпланетным Пажарнікам, даўно спадабаўся юным чытачам. Але падзеі, апісаныя ў гэтай кнізе, разгортваюцца не толькі на Мамурыі. Мамуры і мамурыкі вельмі ўпадабалі нашу зямлю, і ў казачных аповесцях дапытлівы чытач знойдзе шмат прыгодаў гэтых займальных і проста сімпатычных істот у мясцінах, добра знаёмых нам.
Казімір – сын Ягайлы+Насця з 8 “Б” =
У аповесці падзеі, што адбываюцца на пачатку XXI стагоддзя (2007 год), мяжуюцца з падзеямі ХV стагоддзя. Усе дзеянні адбываюцца на Зямлі ў сучасным Мінску і старадаўнім Вялікім Княстве Літоўскім. Узровень развіцця іншаземнай цывілізацыі значна вышэйшы за ўзровень развіцця зямлян. Прычына таму – наяўнасць вялізнага аб’ёму інфармацыі, які назапашваўся і захоўваўся стагоддзямі. Чалавечае грамадства яшчэ не зразумела, не асэнсавала да канца значнасць інфармацыі. Людзі, калі і могуць дапамагчы іншаземцам, то толькі з падказак апошніх. Іншаземцы прылятаюць на Зямлю з намерам дапамагчы, папярэдзіць, прадухіліць, выратаваць. Гэта значыць прылятаюць з той мэтай, каб пэўным чынам зрабіць жыццё зямлян больш лёгкім. Прадстаўнікі двух розных светаў часова пасябравалі для таго, каб дасягнуць пэўнай, кожнаму сваёй мэты.
Дзве аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і казка пра жабяня Квыш-Квыш

          Завуць яго мамурык. І шукаць яго трэба на планеце Мамурыя, дзе заўсёды жылі і, напэўна, жывуць і цяпер — мамуры. Да гэтага трэба дадаць яшчэ адно. Калі я расказала пра яго знаёмай дзяўчынцы, яна адразу сказала, што мамурыкам яго завуць таму, што ён заўсёды знаходзіцца каля мамы. Але гэта няпраўда. Мама яго вечна непакоіцца: «Дзе ён? Дзе ён? Дзе ён?» І знайсці яго не так і проста.
Галенчыны «Я», альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў
          У фантастычнай аповесці расказваецца аб тым, як у неабсяжным і загадкавым Космасе жыхары планеты Цікаўных Хлопчыкаў нечакана адкрываюць новую планету Блакітная Зорка, на якой жыве дзяўчынка Галенка. Яна расказвае хлопчыкам гісторыі і казкі пра самыя цудоўныя чалавечыя якасці.

Комментариев нет:

Отправить комментарий